Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І думкі сумныя развей
У полі за сахою.

Паслухай, жаўрык што звініць,
Што ён табе гавора:
Араты вольна будзе жыць,
Што сном было учора!

А сонца яснага прамень
Цябе як моцна грэе…
Цябе вітае новы дзень…
Глядзі! Усход бялее!

І новы дзень за працу дар
Нясе… О, дар багаты!
Зямлі і працы гаспадар,
У поле йдзі, араты!

1921


Ноч чорная хаваецца,
І гіне сон…
Чуць раніца ўглядаецца,
Я чую звон…

Гудуць званы мядзяныя
На цэлы свет…
І чуюць сэрцы ржавыя —
Іх чэзне след.

На кліч званоў грамадамі
Да працы йдуць
Ўсе, як адзін, з прыладамі
Жыццё куюць.

Ўсе б’юць ў званы… змагаюцца…
Каваль, ратай…
І рэха разлятаецца
Ад краю ў край.