Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Грэе гушчары, балоты імшыстыя
Новы яскравы прамень.

Ў кузнях рабочыя, ў полі аратыя
Моцныя ўсе, як адзін…
Песня іх гучная сэрца ўсім кратае,
Чуеце: «Гэй!» і «Дзінь-дзінь!»

Песня вясёлая. Праца марудная…
Брат наш не гэтулькі знёс…
Годзе пець песні нам сумныя, нудныя,
Краю даволі ўжо слёз!

1921



Хоць сонца і свеціць, а дзень сумны… хмуры…
Спакою душа не знаходзіць…
Стаю я маўкліва і чую, як бура
Жалобную песню заводзіць.

Я бачу, як з дрэва сарван ліст зялёны,
Нясецца удаль адзінока…
І вецер сам плача… імчыцца шалёны
І гоніць без жалю далёка…

І ты, нібы ліст той, злой смерцю паганай
Ад сонца… ад волі узяты,—
Ты бурай жыццёвай ад нас адарваны…
І сэрца баліць так ад страты.

Мы знаем, што будзем мы ўсе у магіле,
Канца не мінуць нам такога…
Навошта ж лёс дрэнны у лепшую хвілю
Сцяў кветку жыцця маладога?..

Мы скаргу на долю навек утрымаем,
Хоць ў сэрцы і зробіцца ціша,
І помсту на лёс мы тады пахаваем,
Як хваля і нас закалыша.