Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Глянеш вакола — сэрца захватуе…
Колькі шчэ трэба нам сілы:
Хата старая, стрэхі садратыя,
Хлеў аж хістаецца згнілы.

Вокам акінеш родны палетак, —
Дзёрнам зрасліся загоны…
Хопіць тут працы для нас і для дзетак,
Хоць і працуй без паклону.

Працу даўно тут ужо распачалі:
Бачым між дзёрну разоры,
Ў час і няволі таксама аралі,
Нібы краты свае норы.

Час той загінуў, не трэба хавацца,
Кожны працуе на волі…
Выйдзема, хлопцы, ўсе, выйдзема, братцы,
К працы вялікай на поле!

Ўсе грамадою, не думайце думу,
Дума не йдзе на пажытак…
Здзеку мінулага, крыўды і глуму
Згіне хай у сэрцы адбітак.

Нашу краіну, што звалі ўсе дзікай,
Зробім квяцістай, прыгожай!..
Працы далучым, дык будзе вялікай —
Ў свеце не знойдзем пахожай!

1921


Каб я быў крылатай птушкай,—
Не ляцеў бы я у гай,
Пеў бы песні-весялушкі
Там, дзе слёзы лье ратай.

Каб я быў бурлівай рэчкай,—
Мужыка паганы лёс
Не знайшлі б тады са свечкай,
Так далека б я занёс.