Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Толькі меч і агонь
Змогуць долю каваць,
Адалеюць няволю без страху!
Дзе ты, вецер — мой конь?
Дзе цябе адшукаць?
Я паеду па новаму шляху.

1917


Зазвані моцна, звон, загудзі,
Каб пачулі цябе на ўвесь край,
Беларуса хутчэй разбудзі,
Хоць цяпер яму спаць ты не дай!

Прыйшоў час, калі сорамна спаць;
Ўсе так шчыра за працу ўзялісь,
Ўсе жыццё пачалі будаваць,
А ты спіш… Хоць ад звону праснісь!

Паглядзі, як сусед пачаў жыць,
Што нядаўна нявольнікам быў.
Ён не спаў, — і цяпер ён не спіць,
Усім кажа, што ён яшчэ жыў.

А чаго, беларус, ты маўчыш?!
І табе годзе, братку, драмаць:
Калі можна гукаць — ты маўчыш,
Каб пасля не прыйшлось шкадаваць…