Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цягнуліся ўжо трэці дзень, а пасля кожнай разабранай справы, як бы яна ні канчалася, на чыім бы баку ні была праўда, ім усім прыходзілася ўставаць з крэслаў, ісці ў пакой, які адзначаўся для судоў, калі прыязджаў земскі начальнік, і там выпіваць некалькі бутэлек гарэлкі. Але, нягледзячы на тое, што былі ўсе п’яныя, яны рабілі сваё і судзілі так, як на гэта паказвае «стацця», якая ўжо даўно стаяла ў вышэйсказаным пакоі. Яны думалі, што з такою самаю «стаццёю» прыйшоў і Гарбуз, дзеля чаго «дзела» яго «без паследства» астаўляць не можна было.

— Пазваць яго сюды! — закрычаў старшыня. — За каго ён нас лічыць, каб падаваць заместа заявы чорт ведае што!..

Зараз з’явіўся Гарбуз.

— Ты гэта што? Смяяцца ўздумаў над начальствам? — закрычаў зноў старшыня і націснуў слова «начальствам».

— Барані божа, паночку! — нясмела загаварыў Гарбуз.

— Ды што гэта? — запытаў пісар, наказваючы на яго паперу.

— Гэта… гэта заява, каб вы разабралі маю справу з суседам Шклянкам.

— Ці ж тут што-небудзь напісана? — загаварыў пісар мацней, коса паглядаючы на Гарбуза.

— А ці ж вы, паночкі, няграматныя, што пытаеце мяне?

— Дурань! З канцылярыі паганю! — закрычаў старшыня і высмаркаўся ў кулак. — Хто табе напісаў!

— Там не напісана, пане старшыня, а намалёвана, — паправіў пісар, які быў цверазейшы за ўсіх.

— Гэта мне Юрка Арцёмаў напісаў, бо сам я, як ведама, няграматны…

— А ён граматны… Юрка той? — запытаў адзін суддзя…

— Таксама не, але за залатоўку ўзяўся напісаць… Ён казаў, што ў судзе разбяруць, хоць трохі галовы і паломяць.

— Каб ён сабе ногі паламаў, — прамармытаў п’яны суддзя, седзячы ў кутку.

— Бачыце, мае паночкі, — казаў далей Гарбуз, — усё сяло абышоў, нікога граматнага не знайшоў. Андрэй