Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зразу навалілася на жонку Шклянкі і пачала яе лаяць.

— Добра, добра ведаю, што ты за штучка! — крычала Домна.

— А ты не сунь носа, куды не трэба! Ты нічога не бачыла! — агрызнулася жонка Шклянкі.

— Што? — мацней закрычала Домна.— Ты яшчэ агрызацца ўздумала? Не бач ты свету, калі я не бачыла, як твой «ваўкалака» (Шклянку за яго сярдзіты від у вёсцы звалі «ваўкалакам»)… як твой «ваўкалака»… — прагаварыла яна яшчэ раз, але далей не ведала, што казаць, бо не ведала, за што сварацца. Сваю гутарку Домна кончыла тым, што павярнулася задам… і пабегла да Гарбузоў, каб распытаць, што такое здарылася.

Хутка Гарбузы пакаціліся на свой двор; толькі людзі, якія збегліся на гэты лямант, гутарылі паміж сабою, хто больш павінен. Як трэ было і чакаць, большасць вінаваціла Шклянку.

Кончыўся ўвесь гэты кірмаш тым, што стары Сцяпан, выкурыўшы тры люлькі чужога тытуню, сказаў:

— Што нам да іх? Няхай самі разбяруць, хто больш вінен, і пагодзяцца, а нам час разысціся… Толькі дай, Сымон, яшчэ на люльку тытуню.

— Закурвайце, мужчыны! — адазваўся Сымон, выняўшы з-за пазухі вялікі капшук з тытунём.

Усе закурылі і разышліся.

II

Прайшло некалькі дзён. У воласці адбываліся суды. Сходавая была перапоўнена сялянамі. Адны з іх былі закліканы павесткамі, а другія прыйшлі проста так, каб пачуць навіны. Хаця яны паміж сабою гутарылі і «ціхенька», але часам падымаўся такі гвалт, што прымушаў высоўваць галаву аднаго з суддзяў з пакоя, дзе разбіраліся справы, і крычаць на ўсё горла:

— Мужчыны, не крычыце! Бо старшыня вон павыганяе!.. І што за народ! — і галава гэта зноў знікала.

Ад дыму ў сходавай нікога не было відаць, калі ўкаціўся ў яе Гарбуз, трымаючы ў руках нейкую паперу.

— А браточкі мае! Вось накурылі, і бацькі роднага не распазнаў бы, — забурчаў пад нос Гарбуз і стаў праціскацца да тых дзвярэй, якія вялі да пана старшыні.