Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Лыска, кусі! Каб яе ваўкі задушылі! — крычаў нечалавечым голасам Шклянка.

Свіння, не бачачы ратунку, рынулася ў плот, каб выскачыць у свой агарод, але плот быў моцны, і яна, прасадзіўшы галаву, ніяк не магла выцягнуць другой палавіны сваей асобы.

Шклянка гэтым часам падбег да яе і так аперазаў калом па спіне, што яна з болю заглушыла піскам усю вёску.

У гэту хвіліну Гарбуз якраз ганяў з лысіны мух. Ён хацеў нешта на іх казаць, але, пачуўшы такі піск, так і астаўся з расчыненым ротам.

— Божухна! — закрычаў, апамятаўшыся, Гарбуз, — ці не маю Перапалосую хто пачаставаў.

З апошнімі словамі ён пабег на месца крыку.

Свіння так і асталася ляжаць у плоце, а Шклянка стаяў з калом у руках і з пераляку не ведаў, што рабіць.

Пабачыўшы Гарбуза, ён хацеў кінуць кол у крапіву, але Гарбуз закрычаў:

— Стой! Стой, каб цябе пярун забіў! Што гэта ты зрабіў? Апошнюю свінку…

— А навошта пускаеш у чужыя грады? Для тваёй свінні сеяў, ці што? Лысая падла! — адказаў Шклянка і пайшоў на свой двор.

— Дык ты думаеш, гэтым усё і скончыцца? — крычаў у след яму Гарбуз.— Я гэтага не дарую! Яшчэ ёсць воласць, суд!..

Пачуўшы гэты крык, Гарбузіха кінула паліць у печы і выскачыла з чапялою ў руках, забыўшыся, што на гаршках дапякаўся апошні блін.

Яна, даведаўшыся, у чым справа, і пабачыўшы, што Шклянка з жонкаю раяцца на сваім двары, выбегла на вуліцу і пачала крычаць і клясці іх на чым божы свет стаіць:

— Недавярак! Арыштант! Злодзей! Гэта табе не каноплі Васілёвы цягаць з падсвіронка!.. Каб ты да святога Пятра не дажыў! Каб ты гэтак поўзаў жыватом, як мая свінка поўзае!..

— Годзе! годзе ўжо! — сутрымліваў яе Гарбуз,— пашануй святой нядзелькі.

На гэты крык выскачыла на вуліцу Домна, кума Гарбузіхі. Яна не разбірала, хто і ў чым вінаваты, а