Старонка:Carot Michas.Vybranaje.djvu/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

I

Здарылася гэта ў Пятроўку. Была нядзеля. Сонца начало пячы з самага рання. Уся веска пацягнулася ў цэркаў.

Стары Апанас Гарбуз хаця і лічыў сябе набожным, але ў цэркаў хадзіў рэдка. Ён больш маліўся дома дзеля таго, што недалюбліваў папоў. «Гавораць у цэркаўцы адно, а робяць зусім другое», — адказваў ён, калі яго пыталі, чаму не любіць папоў.

Сёння, як заўсёды ў святую нядзельку, пад’еўшы добра бліноў з верашчакаю і вычысціўшы міску беленай заціркі, Гарбуз выйшаў у садок, сеў на лаўцы пад кустом агрэсту і стаў пазіраць на агарод. Ён вельмі дзівіўся, што, нягледзячы на сухую вясну, варыва на градах «шалела».

— Вось толькі агуркі трохі заняпалі, мусіць, апошняя спёка пашкодзіла, — прагаварыў ён сам сабе і пагладзіў рукою па жываце, які ўжо зверху стаў награвацца ад сонца.

У гэты час сусед Мікола Шклянка, ідучы з поля, убачыў, што ў яго агародзе рыецца Гарбузова свіння.

Шклянка быў чалавек сярдзіты. Гэта можна было ўгадаць па тым, што ён заўсёды кусаў свае «каціныя» вусы і жаваў канец барады. Ён мог ні за што ні пра што наваліцца на чалавека, аблаяць яго апошнімі словамі, пасля прасіць прабачэння і ў канцы зноў пачынаць лаяць.

Убачыўшы чужую свінню, Шклянка ўхапіў здаравенны кол каля загарадкі і стаў ганяцца за ёю. Свіння кінулася на Лыску, якога жонка Шклянкі ўспела выпусціць з хаты, пачуўшы голас гаспадара.