Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/65

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


І сталі біцца. Ён змею тры галавы зняў, змей яго па калена ў зямлю ўвагнаў, ён яму яшчэ тры галавы зняў, ён яго па пояс у зямлю ўвагнаў. Тады ён, значыць, вылез з гэтай зямлі і пайшоў на кватэру да сваіх братоў. У кватэры па калені крыві, поўна кватэра шуму.

— Ах, братцы, спіцё, не чуеце, я чуць не прапаў галавой, будзець і вам гэта, што мне.

На трэцюю ноч Панінаму сыну нада ісці. Пачаў ён прасіць, каб за яго схадзіць, ну Суччы сын і сагласіўся.

— Але калі будзе з кубка кроў, як сіла мага бяжыце бараніць.

І пайшоў, сеў пад калінавым мастом, пад смуродавым кустом. Прыляцеў змей дзевяцігаловы. Сабака забрахаў, сакол засвістаў і конь заржаў. Змей і гаворыць:

— Чаго, сабака, брэшаш? Чаго, сакол, свішчаш? Чаго, конь, ржэш? Можа, якога непрыяцеля чуеце?

А Суччы сын:

— Я тут ёсць.

— Ну, вылязай сюды.

Ён вылез, змей і гаворыць яму:

— Ці будзем біцца, ці будзем гадзіцца, ці луччы вінца напіцца?

— Вінца вып’ем — уп’ёмся, гадзючыся, вы мяне адурыце, а лепш будзем біцца.

Суччы сын зняў яму тры галавы, змей яго па калені ў зямлю ўвагнаў. Суччы сын гаворыць:

— Аддыхнём цяпер і што пагаворым, разрашы мне тры разы свіснуць.

— А нашто? — гаворыць змей.

— Каб чэрці па маю душу скарэй ляцелі.

Ён яму разрашыў свістаць. Першы раз свіснуў — конь трое дзвярэй прабіў, ён свіснуў яшчэ і яшчэ раз — конь прабіў дзевяць дзвярэй.

— Што гэта гручыць?

— Гэта чэрці па маю душу лятуць.

Трэці раз як свісне — конь астатнія дзверы прабіў, капытамі змею тры галавы зняў, выратаваў Суччага сына з зямлі. Пайшлі на кватэру із сваім канём, і сказаў Суччы сын сваім браццям:

— Вы тут спіцё, каб не выратаваў конь верны, я б прапаў; ужо сабірайцесь, паедзем адгэтуль.