Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


Выехалі ў поле ўсе трое і пусцілі па страле: чыя страла далей паляціць, той і будзе старшы. Паніч стрэліў, Кухаркін сын далей, а Суччы — далей за ўсіх; яны яму і падчыніліся. Паехалі ў свет усе трое. На дарозе стаяла карчма і ў той карчме надпіс: «Ёсць мост на рацэ», і хадзілі начаваць па вочарадзі на гэты мост. Пад гэтым мастом астанаўліваліся. Тут у карчме паніч павесіў рукавічкі на сцяне, а Суччы сын паставіў кубак на стол і адправіўся пад мост і кажа:

— Як будзе з кубка кроў, а з рукавіц шум, то бяжыце бараніць.

Ён пайшоў, сеў пад калінавым мастом, пад смуродавым кустом, каня свайго запёр за трыдзевяць дзвярэй. І вось, калі сядзеў, прыйшоў змей трохгаловы. Сабака забрахаў, сакол засвістаў і конь заржаў.

— Чаго, сакол, свішчаш? Чаго, конь, іржэш, чаго, сабака, брэшаш? Можа, якога непрыяцеля чуеш?

Ён гаворыць:

— Тут ёсць.

— Ну, вылязай, айды, — гаворыць змей. — Ці будзем біцца, ці будзем гадзіцца, ці луччы вінца напіцца?

Суччы сын:

— Вінца напіцца — уп’ёмся, а будзем гадзіцца — вы мяне адурыце, лепш будзем біцца.

Ён яму, змею, тры галавы зняў, а змей па калені ў зямлю яго ўвагнаў. Суччы сын вылез, прыйшоў на кватэру к сваім браццям: яны спяць. З рукавіц шум, а з кубка кроў, а яны не чуюць.

— Ах, спіцё вы, а чуць не чуеце, будзець і вам гэта.

Тады нада на гэту ноч Кухаркінаму сыну ісці, ён просіць Суччага сына, каб ішоў за яго. Ён сагласіўся:

— Як будзе з кубка кроў ісці, як сіла мага бяжыце бараніць, — і тады сеў пад калінавым мастом.

Паляцеў змей шасцігаловы. Сабака забрахаў, сакол засвістаў, конь заржаў. Змей гаворыць:

— Чаго, сабака, брэшаш? Чаго, сакол, свішчаш? Чаго, конь, ржэш? Можа, якога непрыяцеля чуеш?

Суччы сын сказаў:

Ён тут ёсць.

— Ці будзем біцца, ці будзем гадзіцца, ці луччы вінца напіцца?

— Вінца вып’ем — уп’ёмся, гадзючыся, вы мяне адурыце, а лепш будзем біцца.