Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


Як сказаў ён ёй гэта, дужа яна сасмуцілась. Прайшлі трошку — яна абярнулася месячкам і давай уцякаць. Сучкін сын Залатыя пугавіцы абярнуўся зорачкай і дагнаў яе. Тады яна абярнулась лябёдкай і стала ўцякаць, а ён абярнуўся сокалам і дагнаў яе. Тады яна абярнулась рыссю і пабегла ўцякаць, а ён абярнуўся шэрым воўкам і ўзноў яе не пусціў. Тады ўжо пайшлі яны к дзеду. Прыходзяць к яму, а ён кажаць:

— А хто цябе ведаець, за каго ты яе высватаў: можа не за мяне! Калі ты ад шчырага сэрца сватаў за мяне, дык перайдзі чэраз гэту пропасць па спрунжыне!

Сучкін сын пераксціўся і пайшоў чэраз і перайшоў.

— Ну, ты, дзевачка! Можа ты будзеш на другіх заглядацца, а мной гардаваць? Перайдзі-тка й ты!

Пераксцілася яна і пайшла, і так жа сама перайшла чэраз пропасць па спрунжыне. Тады Сучкін сын і Мар’я-царэўна гавораць яму:

— Ну, мы перайшлі: мы ні ў чым не вінны проці цябе. Перайдзі-ка ты: можа, і ты тут знайшоў сабе другую, можа, на каго заглядаўся!

— Куды мне заглядацца на другіх! Я ўжо стар чалавек!

— Нічога, з старых усяго бываець! Ідзі-ка, ідзі!

Толькі ён стаў іці, а спрунжына дрыганулася — ён і паляцеў у пропасць! І костачкі яго там рассыпалісь!

Знайшоў тады Сучкін сын Залатыя пугавіцы свайго каня, што адабраў гэты дзед, пажаніліся яны з Мар’яй-царэўнай і сталі жыць ды пажываць ды дабра нажываць.

5. СУЧЧЫ СЫН

Жыла пані, і не было ў яе дзяцей. Яна жыла з кухаркай удзвюх. Прыйшоў да іх старык, і там у сажалку ён упусціў шчуку. Ён зайшоў к гэтае пані і бачыць, пані бядуе. Ён кажа:

— У сажалцы ёсць шчука, схваці яе і з’еш, і будзеш бярэменна.

Улавілі шчуку, значыць, яны з кухаркай і забярэменелі, і сучка забярэменела, а кабыла памыі выпіла, і радзілі яны па сыну: сучка, і кухарка, і пані, а кабыла жарабца. Раслі яны не па днях, а па часах і не зналі, хто старшы, каму падчыняцца.