Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


Падышоў к крыніцы, аж там плаваець па вадзе кубачак. Ён як секанець па кубачку мячом-кладзянцом — толькі кроў палілась. І ўсё прапала. і піць не стала хацецца.

— Ну, ці ведаеце, братцы, гэта ж была жонка дванаццаціглавага змея. Яна хацела нас загубіць за свайго мужыка! Цяпер мы пабілі ўсіх змяіных жонак. Вы сабе едзьце дамоў, а я паеду дальшы!

Тыя паехалі дамоў, а Сучкін сын паехаў іскаць змяіную матку. Ехаў ён, ехаў, відзіць — хатка. Зайшоў ён туды, ажно там жывець Баба Юга.

— Што, Іван Сучкін сын Залатыя пугавіцы, куды бог нясець?

— Так і так, бабуля: ішчу змяіныя маткі!

І расказаў ёй усё, як было. Баба Юга ўзяла палавіну солі, палавіну мукі, замясіла цеста, спякла тры бухоны і дала Івану:

— Вот, Іван Сучкін сын Залатыя пугавіцы! Як будзеш ты ехаць, нападзець на цябе лютая змяя, захочаць цябе пражраць. А ты скажы: «Паеш упярод маю хлеб-соль, а тады ўжо еш мяне!» І кінь ёй у рот бухон!

Узяў Сучкін сын хлеб, падзякаваў бабе і выправіўся далі. Ехаў, ехаў, аж відзіць, ляціць на яго лютая змяя:

— Ага, — кажаць, — вот калі я цябе з’ем! Ты забіў маіх трох сынкоў як сакалкоў, трох дачушак як зязюлек!

— Ну, што ж, паеш упярод маю хлеб-соль, а тады еш і мяне!

Кінуў ёй бухон хлеба ў мяліцу, а сам давай скарэй уцякаць. З’ела змяя хлеб-соль, яе й разабрала. А яны не п’юць такей вады, якую п’юць людзі; дык яна і пабегла ў сваю старану. Там было такое вазяро, адкуль усе яны бралі ваду. Вот яна піла, піла адтуль ваду, піла-піла, выпіла палавіну вазяра. Тады ўзнова пагналась за Сучкіным сынам. Гналась, гналась — вот даганяець!

— Ага, вот калі я цябе з’ем! Ты забіў трох маіх сынкоў як сакалкоў, трох дачушак як зязюлек!

— З’еш упярод, — кажаць Сучкін сын, — маю хлеб-соль, а тады ўжо мяне з’ясі!

І кінуў ёй другі бухон у мяліцу. З’ела змяя хлеб і разабрала яе апяць соль. Пабегла яна ў сваю старану, выпіла ўсю ваду ў вазяры — толькі дзе-нідзе асталась ў ямачках — і кінулась апяць за Іванам. Дагнаўшы яго, змяя разявіла ўжо мяліцу, каб яго пражраць, а ён кінуў ёй паследні бухон:

— З’еш упярод маю хлеб-соль, тады мяне з’ясі!