Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


— Коцічак мо, каток, серанькі твой лабок! Ці не знаеш ты, ці не ведаеш, дзе тэй разбойнік — Сучкін сын! Ён мне нанёс бальшую скуку: забіў маіх трох сынкоў як сакалкоў. Каб я знала, каб я ведала, куды ён пойдзець алі паедзець — абярнулась бы я лютай змяёю, пражрала б яго і з канём разам!

Коцік прыг у вакошка, вакно разбіў і сам уцёк. Баба і гаворыць:

— Мусіць, гэта ён сам быў!

А Сучкін сын прыйшоў к каню, сеў на яго і паехаў к братам. Аддыхнуўшы, селі яны ўсе на коней і паехалі. Ехалі, ехалі, відзяць яны зялёны луг. Уз’ехалі на луг — так ім спаць захацелась! А трава, трава на лугу, дужа харошая! Кухаркін сын і гаворыць:

— А! Як жа спаць хочацца! Во тут і трава добрая: пусцім коней сваіх, а самі трошку заснём!

— Не, братцы, — гаворыць Сучкін сын, — як мы тут будзем спаць? Нямашацькі ні караваці, ні нечага паслаці. Паедзем-ка далі, можа хто караваць паставіў, пасцелю паслаў!

Праехалі яны яшчэ трошку, ажно стаіць караваць. Пад’ехалі пабліжэй, Сучкін сын і гаворыць:

— Пайду-тка я пагляджу, ці крэпка караваць.

Падышоў к ёй, узяў меч-кладзянец ды як свіснець — так кроў з караваці і палілась... Разам усё і прапала: і луг, і трава, і караваць.

— Вот відзіце, братцы, якая гэта караваць. Гэта была жонка трыглавага змея: яна хацела загубіць нас за свайго мужыка!

Не стала ім хацецца спаць, паехалі яны дальшы. Ехалі, ехалі, відзяць зялёны сад. А яблыкі, яблыкі харошыя! Царыцын сын гаворыць:

— Вот каб паспытаць, што ў іх за смак?

— А вот, — гаворыць Сучкін сын, — я січас іх паспытаю; калі смашны, і вам дам!

Пайшоў ён у сад, хадзіў, хадзіў — усё шукаў бальшэя яблыні з залатымі яблыкамі. Ажно яна пасярод сада. Ён падышоў, выняў меч-кладзянец, як свіснець — толькі кроў палілася! Усё й прапала. І не стала ім яблык хацецца.

— Вось жа, братцы, — кажаць Сучкін сын, — гэта была жонка шасціглавага змея. Яна хацела нас загубіць за свайго мужыка!

Паехалі яны дальшы. Ехалі, ехалі, відзяць крыніцу. Як толькі ўвідзелі ваду, так і захацелі піць. Сучкін сын гаворыць:

— Пастойце, я паспытаю, ці смашная вада?