Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


Выйшла к яму баба; выйшла, узяла яго на рукі і панясла ў хату. Прынясла і гаворыць:

— Коцічак-каток, серанькі лабок! Ці не знаеш ты, ці не ведаеш Сучкінага сына, разбойніка? Ён майго мужа забіў. Каб я знала, куды ён пойдзець алі куды паедзець, абярнулася б я зялёным лугам, і на тым ба лугу стаяла караваць. Як бы ўз’ехаў ён на гэты луг, яму б захацелася спаць, так што ён валіўся б з каня. Ну, як бы ён лёг на гэту караваць, век ба ён не прачхнуўся...

Коцік прыг у акно — і выскачыў. Тады яна гаворыць:

— Ох, галоўка бедная! Мусіць, гэта ён быў, увазнаў пра сваю напасць. Нічога ж я яму цяпер не здзелаю!

А Сучкін сын прыйшоў к каню, сеў на яго і паехаў далі. Ехаў, ехаў ён, відзіць апяць хатку. Паставіў ён каня, сам коцікам абраціўся, пад вакошка падкаціўся, стаў каўкаць. Выйшла к яму баба, узяла яго на рукі, панясла ў хату. Прынясла і гаворыць:

— Коцічак-каток, серанькі лабок! Ці не чуў ты, ці не відзеў, дзе тэй разбойнік Сучкін сын? Ён майго мужа забіў. Каб я знала, куды ён пойдзець алі паедзець — абярнулася б я зялёным садам, у тым садзе была б яблыня з залатымі яблыкамі. Як бы прыехаў ён к таму саду, так бы захацеў ён яблык. Ну, як бы паспытаў ён яблык, тут бы ўмёр!

Коцік прыг у вакно — і ўцёк. Яна й гаворыць:

— Галоўка бедная! Мусіць, гэта сам ён быў і ўсё ўвазнаў. Цяпер нічога я яму не здзелаю!

А Сучкін сын прыйшоў к каню, сеў на яго і паехаў далі. Ехаў, ехаў ён, відзіць апяць хатку. Паставіў ён каня, сам коцікам абраціўся, пад вакошка падкаціўся, стаў каўкаць. Выйшла к яму баба, узяла яго на рукі, панясла ў хату. Прынясла і гаворыць:

— Коцічак-каток, серанькі лабок! Ці не чуў ты, ці не відзеў дзе Сучкінага сына? Ён майго мужа забіў. Каб я знала, дзе ён знаходдзіцца алі куды ён паедзець, абярнулася б я ключавой крынічкай. Як бы ён яе ўвідзеў, захацелася б яму піць. Ну, як бы толькі выпіў ён тэй вады, так бы тойчас і ўмёр!

Коцік прыг у вакно — і пабег.

— Галоўка бедная! Мусіць, гэта ён сам быў і ўсё маё разазнаў! Цяпер я яму нічога не здзелаю!

А Сучкін сын прыйшоў к каню, сеў на яго і паехаў далі. Ехаў, ехаў ён, відзіць яшчэ хатку. Ён апяць каня пастнавіў, сам коцікам абраціўся, пад вакошка падкаціўся, стаў каўкаць. Выйшла к яму баба сівая, старая, узяла яго на рукі і панясла ў хату. Прынясла і гаворыць: