Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


— Цары-каралі на канях з’язджаюцца, а нас з табой чорт знёс!..

Ды як свіснець — збіў яшчэ тры галавы, а змей яго па калены ў зямлю ўбіў. Тады Сучкін сын гаворыць:

— Паглядзі-тка, вун жонка твая йдзець і сквырыць!

Змей абярнуўся, а Сучкін сын схапіў шапку ды як пусціць у хату, дзе спалі яго браты, — крышу ўсю збіў, а таварышы спяць. А кроў з стакана чэраз палілась на стол. Сталі ўзноў біцца. Біліся, біліся... Змей кажаць:

— Дай аддыхнуць, як воласу згарэць!

— Ну, аддыхай!

Пакуль змей вырваў волас ды спаліў, дык Іван зняў сапог з нагі і пусціў у хату — так верхні вянец і збіў. А таварышы спяць... Сталі ўзноў біцца. У змея, пакуль ён аддыхаў, сілы ўбыло, а ў Сучкінага сына прыбыло. Біліся, біліся... Збіў Іван змею яшчэ тры галавы, а змей яго па повяс у зямлю ўбіў.

— Стой! — крычыць змей. — Дай аддыхнуць, як саломінке згарэць!

— Ну, аддыхай!

Пакуль саломінка гарэла, Іван зняў другі сапог ды як пусціць у хату — усю хату зарыў сапагом. Прачхнуліся браты, бачаць — кроў чэраз бяжыць! Селі скарэй на коней і паехалі. Прыязджаюць ік калінаву масту, а змей яго па шыю ў зямлю ўбіў, а ён змею дзесяць галоў адсек. Ну, браты як наскочылі, адсеклі і паследнія галовы. Убіўшы змея, выцягнулі яны Іваньку з зямлі. Ён дужа рассердзіўся на іх, хацеў іх забіць. Сталі яны тады прасіцца ў яго. Ён змілаваўся і прасціў. Сабралі яны ўсе галовы, спалілі на асінавых дравах, а попел на быстру рэчку пусцілі. Вот стаў тады Сучкін сын расказываць:

— Як хадзіў першую ноч Царыцын сын, дык ён заснуў, а я прыйшоў і быў на калавуры і ўбіў трыглавага змея. Як хадзіў па другой начы Кухаркін сын, и ён заснуў. А я прыйшоў і быў на калавуры і ўбіў шасціглавага змея. І ўсё гэта вам не ўзвяшчаў. І вот як на маёй чарадзе прыляцеў самы старшы брат іх, я і запрасціў вам спаць.

Пайшлі яны к хаце, а Сучкін сын і гаворыць:

— Добра! Мы змяёў убілі, а ёсць жа нейдзе іхныя жонкі. Яны нас могуць яшчэ загубіць! Ідзіце-тку вы састанавіце хату так, як яна была, а я пайду разышчу іхных жонак!

Тыя пайшлі к хаце, а Сучкін сын сеў на каня і паехаў. Ехаў-ехаў, відзіць — хатка. Ён з каня злез, каня паставіў водалі, а сам коцікам абраціўся, пад вакошка падкаціўся, стаў каўкаць.