Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


— Якую гэта ляску скаваў мне цар! Кінуў я яе ў варону, ляцела яна назад, ударылася аб гэты сук — і рассыпалась! Так я і не забіў нічога!

І стаў узнова прасіць Царыцынага сына, каб яго бацька вялеў сваім кавалям скаваць ляску ў пяцьдзесят пудоў да каб і вызлачана была. Расказаў Царыцын сын бацьку, як усё было. Пайшоў цару сам у кузню:

— Ну, калі вы цяпер не здзелаеце ляскі ў пяцьдзесят пудоў, не вызлаціце, дык калі яна разаб’ецца — дык мой меч, а вам галава з плеч!

Здзелалі кавалі ляску і пазлацілі. Узяў яе Сучкін сын Залатыя пугавіцы, і пайшлі ўзнова на пальгаванне. Прыйшлі к таму самаму лесу, на тую самую на праталінку і змовілісь так, як у першыя разы: дзе ні хадзіць, дзе ні шляцца, а к вечару сабірацца на гэту праталінку, каб дамоў іці разам. Царыцын жа сын і Кухаркін пайшлі ўдвох, а Сучкін сын астаўся адзін. Як толькі тых не стала відна, ён і шыбнуў сваю ляску ўгару. Пакуль яна назад узвярнулась, ён ждаў шэсць часоў. Нставіў ён ладоню — ляска ўдарылась і адскочыла. Шыбнуў ён яе яшчэ крапчэй: пакуль узвярнулась, прайшло дванаццаць часоў. Наставіў пад ляску калена — яна ўдарылась і адскочыла. Шыбнуў ён тады яе з усяе сілы, а сам лёг. Выспаўшысь, устаў і наставіў пад ляску лысіну. Яна ўдарылась і адскочыла, толькі трошку сагнулась. Вот ён з тою ляскаю пайшоў у лес, і каго ні ўбачыць — ці звера, ці пціцу — заб’ець беспрыменна: трэба толькі ляску ўгару падшыбнуць. Набіў ён так многа і звяроў і пціц. Выйшаў на праталінку, абклаўся ваўкамі, мядзведзямі, лісіцамі, зайцамі, ласямі, арламі, ястрабамі — разнымі-разнымі пціцамі і звярмі і ляжыць сам пасярод іх. Стала змяркацца, сталі ўсе на праталінку сабірацца. Прыйшлі Царыцын і Кухаркін сын і ніздзівіліся, што ў яго так многа звярыны.

Ну, прайшло ці многа, ці не — сталі яны прасіцца ў цара, каб пусціў іх агледзець сваё царствіе. Цар стаў іх адгаварваць:

— Куды вы пойдзеце, вы шчэ молады!

— Аб гэта ты не тужысь, што мы молады, толькі блаславі нас!

Дзелаць нечага: блаславіў іх цар, даў кожнаму па каню, па харту, па мячу-кладзянцу. Вот яны і паехалі. Ехалі, ехалі, ехалі, ехалі — і прыехалі ў такі стэп, што толькі й відна неба ды зямля. Тады Царыцын сын і Кухаркін гавораць:

— Вот мы едзем, а начаваць дзе будзем?

А Сучкін сын гаворыць: