Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


закінулі сетку, дык і ўлавілі рыбіну з адным вокам, з адным бокам. Прыняслі тую рыбіну к цару. Цар узяў рыбіну і аддаў кухарцы, каб яна яе зжарыла і падала царыцы. Як прыказана, так і здзелана. Узяла кухарка рыбіну і стала жарыць. Жарачы, яна вазьмі ды й паспытай рыбіны. Вядома, кухар заўсёды раней паноў спытаець стравы. Ну, як паспытала, так і забрухацела. Панясла яна, зжарыўшы, рыбіну к царыцы. Тая з’ела — і так жа сама забрухацела. Ды была ў царыцы ў пакоях сучоначка. Царыца аддала ёй з’есць рыб’і костачкі. З’ела сучка — і тая забрухацела. Чэраз год усе трое радзілі па сыну: уперад радзіла сына кухарка, тады радзіла сына царыца, а затым радзіла сына і сучка. Царыцын сын пушчэй за ўсіх і слабей, а сучкін сын прыгажэй за ўсіх і крапчэй. Ну, сталі яны рэсць, усе трое на царскім двары. Растуць не па гадах, ды па часах. Чэраз тры гады сталі яны ўжо вялікімі і падзелаліся сільнымі багатырамі. Стаў тады Сучкін сын Залатыя пугавіцы прасіць Царыцынага сына, каб яго бацька вялеў сваім кавалям здзелаць яму ляску ў дзесяць пудоў. Я ён прасіў, так яму і было здзелана. Пайшлі яны тады ўтрох на пальгаванне: Царыцын сын і Кухаркін з ружжамі, а Сучкін з ляскай. Прыйшлі к лесу і змовілісь, што дзе ні хадзіць, дзе ні хадзіць, а к вечару сабірацца на гэту праталіну. Царыцын сын і Кухаркін пайшлі разам, а Сучкін сын астаўся адзін. Як толькі тых не стала відна, ён падшыбнуў сваю ляску ўгару. Пакуль яна назад узвярнулася, прайшло часы два. Падставіў ён пад ляску сваю ладоню. Яна як ляцела, ударылася аб ладоню і рассыпалася на мелкія крошачкі. Стала прымяркаць, і сабраліся ўсе на гэту праталіну. Сучкін сын і стаў жаліцца:

— Вот, — кажа, — скаваў мне цар ляску. Ляцеў верабей, я кінуў, каб яго забіць, а ляска як ляцела назад, дык ударылася аб гэтую травінку і разбілась. Так я сянні і не забіў нічога!

І стаў ён прасіць Царыцынага сына, каб яго бацька сказаў кавалям сваім здзелаць ляску ў дваццаць пяць пудоў. Як было сказана, так было і здзелана. Пайшлі яны тады зноў у той лес і змовіліся так жа сама, як у першы раз: дзе ні хадзіць, дзе ні хадзіць, а к вечару сабірацца на гэту праталінку. Царыцын жа сын і Кухаркін пайшлі ізнова ўдвох, а Сучкін сын астаўся адзін. Як толькі тых не стала відна, ён і шыбнуў сваю ляску ўгару. Пакуль яна назад узвярнулася, ён ждаў чатыры часы. Наставіў ён пад яе калена, яна як ударылась аб калена — і разбілась на крошачкі. Стаў ён тады ждаць вечара. Стала змяркацца, сталі ўсе на праталінку сабірацца. Сучкін сын узнова начаў жаліцца: