Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


46 Скідаўся і мушачкай, і пчолачкай, і птушачкай, пакуль дагнаў братоў. Як дагнаў братоў, узяў, нічога ім не кажучы, лепшага самага каня выбраў, сеў вярхом і паехаў, а браты ў павозках за ім, кожан у сваёй павозцы, усе і едуць к бацьку. Дык ён і паверх лесу ехаў, і ў паўлеса ехаў, і па зямлі ехаў, спробаваў каня таго, ля тэй прычыны ўсё. Едуць яны дык едуць колькі там — не так скора дзеецца, як кажацца. Ажно стаіць пасцелі тры. Спаць тыя браты — дык ай-яй! Сон іх зусім клоне, не можна вытрымаць. А пасцелі тыя дык аж капае, стройныя вельмі.

— Ах, брат, сколькі мы начэй не спалі, — кажа, — страдалі, ляжам мы, троху аддышам!

А ён кажа, саскочыў скарэй:

— Гэта, братцы, — кажа, — зрада!

Да скарэй па адной пасцелі, алі па другой, алі па трэцяй — усіх іх паперасякаў, дак яны паплылі кроў’ю.

— Во, братцы, во, бачыце, якая зрада.

Сеў на каня і паехалі. Як ехаць дык ехаць, як ехаць дык ехаць, як ехаць дык ехаць, і прыязджаюць зноў жа к такому, тожа ж сабе здалека бачаць: стаіць яблана, сучок залаты, сучок срабраны, яблакі залатыя, яблакі срабраныя, тож і крынічка — кубак залаты, кубак срабраны. Дык яны як нап’юцца, яблачкам закусяць, дык і папрагаюцца. Едуць яны, вот браты:

— Вышчыкнем мы па яблачку, а то к бацьку едзем, — кажа, — дамоў, а на гасцінец няма нічога!

Не ўправіўся з каня злезці, а яны ўжэ абадвы саскочылі з павозак да навыперадкі адзін перад другім к ябланьцы к тэй.

— Стойце, — кажа, — братцы, гэта зрада!

А яны ўжэ па яблачку і схапілі, а ён не ўправіўся саскочыць, яго конь перанёс. Ну, як схапілі, тут ім і амін, і квіт ім, і па яблачку ў руцэ дзяржаць. Ну, ён тады саскочыў да па ябланьцы трах — яна кроўю скіпела, па крыніцы трах — і яна кроўю скіпела — усё нейдзе дзелась. А тады ўзяў аднаго брата ў павозку і другога брата ў павозку мяртвых, няжывых і сам сеў і паехаў, і коні тыя за ім ідуць. Ну, дзве прычыны пераехаў, а трэцяе баіцца, на сілу надзеецца на сваю і на розум, але што браты няжывыя і коней столькі, дык ён і апасуецца, абдумляецца, як што зрабіць, засуміўся. Як ехаць дык ехаць, як ехаць, дык ехаць, як ехаць дык ехаць, ажно пад’язджае — стаіць тая баба, рот разінуўшы — адна зяпа на зямлі, а другая пад небяса. Тады ён як разагнаў коней, падняўся ў паўсвета, як размахнуўся, дак так верхнюю зяпу і сцяў. І пакаціў паверху, і сам і коні тыя за ім павярху.