Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


ўрэмя, бог іх ведае, мы таго не знаем, аддыхнулі, ну тады ён выводзе шэсць тых коней і павозку:

— Ну, — кажа на Служэбчынага, — во гэта, — кажа, — братка, твае коні і павозка.

К бацьку, бач, ужэ сабраліся. А тады вывеў семяро коней і павозку.

— Во, гэта, брат, твае коні і павозка, — на другога ўжэ брата.

А тады трэцюю павозку сваю:

— А гэта, братцы, мае коні.

Тады яны селі і паехалі, к бацьку ўжэ. І колькі там урэмя ці колькі вёрст, ці міль яны ад’ехалі, тады тэй Кабылін сын забыўся ў тым доме, ды, гэта, пальчатак, на кручку на сцяне віселі: дак забыўся пальчатак сваіх.

— Ну, пастойце, братцы, я, — кажа, — забыўся там сваіх пальчатак, шкода пакінуць.

Злез з павозкі і пайшоў туды. Дык ён і мушачкай скідаўся, і пчолачкай, і птушачкай скідаўся; прыскочыў і сеў на доме на том, а тады скінуўся мурашачкай ды ўпоўз у тэй дом. Ажно тамацька тры бабы сядзяць — дзве жонкі тых, а трэцця матка — ды радзяцца.

— А, папераводзілі, — кажа, — нашых мужыкоў і бацьку, каб, — кажа, іх перавесць, — радзяцца, бач.

Ён тыя пальчаткі чапае і ўсё гэта чуе. Ну, адна баба кажа:

— Што я, — кажа, — здзелаю? Яны, — кажа, — не спалі, дык скінуся я пасцеллю. Яны як лягуць, дык мы іх і перавядзём, паморым усіх.

А другая кажа:

— Не, — кажа, — я шчэ лучча здзелаю. Здзелаю, — кажа, — скінуся, — кажа, — крыніцай, і залаты кубак і сярэбраны, і ля крынічкі яблана, залаты яблак і сярэбраны. Дык яны як будуць ехаць, паморацца, піць захочуць і бацьку на гасцінец па яблачку вышчыкнуць. Як нап’юцца да па яблачку вышчыкнуць, дык яны там і пагінуць усе тры.

А трэццяя ўжэ, матка:

— Не, — кажа, — дзеткі, вы нічога, — кажа, — не здзелаеце. Я, — кажа, — як разіну рот, дык адну зяпу пастаўлю на зямлю, а другую пад небяса. Дык яны як будуць ехаць, ка мне ў рот уедуць, я іх і праглыну, іх і не будзе, — кажа.

Тады ён выслухаў гэта, пальчаткі тыя вычапаў, як-небудзь, мушачкай — да барджэй драла адтуль, даганяць братоў.