Старонка:Caradziejnyja kazki.djvu/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


ваўшы, панесла да сталу хадзяйцы, як з'ела хадзяйка, і хадзяйка зацяжарыла - усе ўтрох зацяжарылі. Ну, дык тады, як выйшаў срок, дык служэбка першая паспытала, першая і абрадзілася і сына радзіла. Купец тэй і рад. І хадзяйка ўцяжку. Ну, тады зноў жа сама хадзяйка зноў жа сына радзіла. А тады пасля хадзяйкі зноў жа кабыла сына радзіла - усе тры па сыну радзілі. І яны гадуюцца не па гадах, але па часах. Ну, мы гэта не знаем - прайшло там колькі ўрэмя, купец тэй уцяшаецца на іх і аддаў іх у навуку - Служэбкінага сына і свайго, а таго Кабылінага - падслужываць ім у навуцы, падаваць к сталу, як тэй кажа, вядома. Сколькі ўрэмя, дык тыя вучацца, а тэй Кабылін сын дык больш іх панімае - тыя добра знаюць навуку, а тэй шчэ лепш паняўся. Як гляне ў кніжку ці ў пісьмо, дак і знае: ніхто не вуча, не паказуе, а ён больш іх ведае. Ну, павучыліся сколькі там урэмя, скора выйшлі з навукі, дак ён і больш іх ведае, тэй то ўжэ, значыцца, Кабылін сын. Ну, сталі яны тады з бацькам жыць. Жылі, жылі, тады Кабылін сын кажа:

- А што, татка, каб вы здзелалі нам прыпас на прагулянне схадзіць, па [а]хвоце, значыцца, пахадзіць, во ўсё роўна як з ружжом.

Ну, дак ён на тое кажа:

- Які жа, - гаворыць, - прыпас?

А ён адказуе:

- А які жа, татулька, прыпас? Іскуй Служэбкінаму сыну булдаву з зялеза ў тры пуды, а свайму ў чатыры, а мне ў пяць пудоў!

Ну, ці ў купца зялеза няма, ці што. Ну, бацька, атвяшчаў і стаў каваць булдовы, так, з зялеза. Тады падзелалі тыя булдовы тры, тады Кабылін сын узяў тую наймітчага, Служэбкінага сына булдаву, выйшаў на вуліцу, пакруціў, пакруціў, раскрыў ладоню і пусціў яе пад нябессе. Тая булдава як паляцела, ён выставіў ладоню, яна як ударылась, дык і рассыпалась. А тады ўзноў так жа сама другога брата ўзноў жа выспробаваў булдаву, ці крэпка яна.

Вынес, размахнуў, размахнуў і пусціў пад небяса. Яна як ляцела, ён выставіў калена, яна і рассыпалася - таго ўжэ бацькінае жонкі сына. Ну, а тады ўжэ сваю стаў выспробаваць. Выйшаў у поле, як кінуў - і падставіў лоб. Яна як ляцела, прама на лоб: як ударылась, дык і рассыпалась.

Ну, тады ён узноў:

- Што, - кажа, - татка, паламалі мы свой прыпас і на прагулянку не пайшлі. Трэба прыбавіць, татка, зялеза.