Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ДАРОЗЕ

З абодвух бакоў дарогі сівы лес.

Дзе-ні-дзе паказваюцца ў далі хаткі. Аснежаныя дахі - белыя кучмы. Павольна насоўваюцца на абшар сінявыя змрокі. Яны апускаюцца ледзь прыкметна, крадучыся. З бяздоння вышыні кроплямі ваты ціха нізіцца дробны сняжок.

Калматы конік і двое людзей на развалістых санках ледзь вызначаюцца з агульнага фона бела-сіняга абшару. Конь павольна і неахвотна трухае па дарозе. Вось-вось спыніцца і далей не пойдзе. Зусім не чутно, як санкі рухаюцца наперад па мяккім снезе. Каб не бярозкі дзе-ні-дзе абапал дарогі, каб не хаткі, каб не рознастайнага выгляду гаі і хмызнякі, якія адсоўваюцца назад, магло-б здавацца, што фурманка застыла на адным месцы шэраватай кропкай. Ціха. Толькі калі-ні-калі ў мутнаватым малочнага колеру паветры праносяцца з збянтэжаным крыкам вароны.

- Едуць бацька з сынам - Цыпрук Ярэмчык і Мікола.

Яшчэ ўдодні Цыпрук запрог каня і паехаў па сына ў Мінск. Цяпер - дамоў. Між сабою мала гутараць. Кожны заняты сваімі думкамі. Справу пра комсамол стары адлажыў да прыезду. Аб гэтым трэба гаварыць спакойна ды ў цяпле, каб добра раскумекаць... Мікола сядзіць побач з ім у вялізным жоўтым кажуху, пазычаным Цыпруком у суседа.

Лагодна і роўна падае зверху сняжок.

Хтосьці прасейвае праз вялізныя сіты пытляваную муку.

З восені Мікола дома не быў. Цікава наведваць вёску, дзе нарадзіўся і вырас, паглядзець старую матку, усіх сваіх, суседзяў, Саўку Солаха, які чамусьці застаўся сёлета дома.

Кіпела ўлетку праца ў гэтай вёсцы.

Звычайная сялянская праца сваім чынам, але гэта праца была асаблівая, незвычайная. Мікола і яшчэ некалькі вясковых хлапцоў згуртавалі тады людзей на