Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Солах яшчэ раз кіўнуў пальцам у бок Цыпрука. У яго голасе зайграла зайздрасць:

— Тут можна і кароўку яшчэ адну набыць і каня лепшага, ды наогул… Будзе ён на гаспадарку грошы прысылаць.

— Будзе прысылаць ці не, гэта ўжо мая, бацькава, справа, ці што…

Стары гэта прагаварыў у абарону ад розных людскіх гутарак пра яго, Цыпрукову, удачу… Ён дадаў з гонарам:

— Калі што якое, суседзе, дык ты адразу да мяне, а я да Міколы. Ён усё табе зробіць, што толькі трэба будзе!

Цыпрук радуецца. Словы Солаха аб камісарстве Міколы ён захоўвае ў сваёй памяці для жонкі: прынясе «маці» як падарунак, як добры дадатак да ліста. Такім чынам ліст Міколы разросся ў цэлую кнігу, якую стары бацька чытае і перачытвае пятае праз дзесятае. Усе старонкі гэтай кнігі ружовыя, сонечныя, радасныя: цёплая, забяспечаная старасць для бацькоў, пашана і гонар для ўсяе сям’і Ярэмчыкаў і яшчэ, і яшчэ, і яшчэ…

Малады дзяцюк Саўка, сын матроса, сядзеў пры стале і нешта чытаў. Ён спачатку толькі адным вухам прыслухоўваўся да гутаркі.

Пачуўшы аб меркаваннях старых, Саўка не выцерпеў, адлажыў кнігу, падняўся з свайго месца і голасна з абурэннем сказаў:

— Дык вось якія вы!

— А якія-ж мы?! — здзівіўся яго бацька.

— Не зладзеі і не разбойнікі, ці што! — выказеліў вочы і Цыпрук.

— Хораша вы разумееце комсамол, няма чаго і казаць! Па-вашаму выходзіць, што ў комсамол паступаюць дзеля таго, каб зрабіцца камісарамі, а камісары толькі тое і робяць, што бацькоў грашмі абсыпаюць. Дзе вы бачылі такіх? Калі такія дзе і ёсць, дык іх вон выганяюць.

— Дык навошта-ж ідуць у комсамол? — запытаўся яго бацька.

— І то праўда, навошта? — паўтарыў за ім Цыпрук.

Саўка застаўся з адчыненым ротам. Ён не ведаў як ім, старым, тлумачыць. Не знаходзіў слоў.