Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

За час імправізацыі доўгага і цёплага ліста ад сына. Цыпрук вырас у сваіх уласных вачах. Ён адчуў хоць невідочны, але нейкі грунт пад нагамі. Ён трохі падумаў і ўголас дакончыў:

- Добра Мікола зрабіў, што паступіў у комсамол. Будзе цяпер абарона ад рознай там катрабанды і ад іншага ліха. Жартачкі, свой комсамолец! Вельмі разумна зрабіў.

- А хто яго ведае, - забедавала старая. - Кажуць, што комсамольцы бацькоў не слухаюць, не паважаюць. Кожны дзень жонак сваіх мяняюць. Бога не баяцца. Хто-ж яго ведае...

Разважанняў жонкі Цыпрук не чуў.

Ён зноў выскачыў з хаты і пайшоў да Солахаў. Там ён зрабіў выгляд нібы зусім і не выходзіў адтуль і звярнуўся да Солаха-матроса:

- Як па-твойму?

Быццам гаварыў з Солахам доўгі час і спакойна працягвае гутарку далей.

- Што па-мойму?

- Мікола добра зрабіў, што паступіў у комсамол?

- А-а-а! Ты вось аб чым!

Былы матрос напусціў на сябе павагу бывалага чалавека.

- Гэта даўней было так. Калі я адслужыў у матросах шмат гадоў, дык даслужыўся толькі да чамаданчыка, каб дамоў прывесці тое-сёе. Ведаеш, што мае грошы ў банку прапалі? Цяпер не то-о-ое!

Солах так усхапіўся з месца, нібы яго камар укусіў. Заківаў адным пальцам у бок Цыпрука, і тон яго павысіўся ў ласкавай пагрозе:

- Глядзі, Цыпрук, твой Мікола туды-сюды і ў камісары выкруціцца! Цяпер гэта лёгка, не царскія часы. О-го! Помні маё слова - камісарам будзе!

Цыпрук падазрона зірнуў на Солаха. "Жартуе, ці што?" Але ў вачах Солаха была шчырасць. Упэўніўшыся ў гэтым, Цыпрук пацерабіў бараду і размяклым голасам сказаў:

- Разумны ты, браце мой, чалавек, ці што... Шмат чаго бачыў ты, шмат дзе пабываў... Можа з Міколы што добрае выйдзе. Глядзі, і мне, бацьку, гонар!