Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мікола пісаў:

«Дарагі бацька!

Як толькі атрымаеце маю пісульку, прышлеце каня. Нас, рабфакаўцаў, адпушчаюць на зімовыя вакацыі. Навін ніякіх. Жыў. Здароў. Паступіў у комсамол. Прывітанне ўсім. Асабліва Саўку Солаху. Чакаю фурманкі.

М. Ярэмчык.»

Саўка чытаў уголас, а Цыпрук мармытаў за ім слова ў слова. Стары так заўсёды рабіў, каб пасля напамяць пераказваць «маці» (жонцы). Калі ліст бываў даўжэйшы, Саўка павінен быў чытаць два або тры разы, пакуль стары не вывучыць…

Саўка добра ведаў норавы Цыпрука. Заўсёды, калі канчаў чытаць подпіс «Мікола Ярэмчык», паднімаў вочы на старога з запытаннем. Цыпрук звычайна гаварыў:

— Яшчэ раз, ці што?

Цяпер досыць было аднаго разу.

Ліст кароткі, як дэпеша. Цыпрук апусціў рукі і маўчаў. Нібы толькі што адсцёбалі яго. Крыўдна тое, што ліст кароткі і халодны. Ён адчуваў у словах сына нешта чужое і новае, чаго раней не было. Пашараваў плячыма. Нібы цярэбіцца аб сцяну. Працадзіў праз бараду:

— Та-а-ак…

Крыўдна.

Не вытрымаў і былы матрос:

— Піша, як ластаўка крыллем па вадзе. Гэта-ж бывала даўней, калі я пісаў дамоў лісты з Чорнага ці іншага там мора, дык кожны раз у мяне на гэта два аркушы паперы выходзіла. Да гэтага заўсёды дадаваў сваю фатаграфію, некалькі відаў з малюнкамі. Гэта-ж бывала…

Цыпрук не даслухаў да канца яго «бывала». Не развітаўся з Солахам і моўчкі пайшоў дахаты.

Дома ён некалькі хвілін маўчаў з разгорнутым лістом у руках. Маці прывыклым вокам зірнула на збянтэжанага мужа, на кавалак паперы. Запыталася:

— Гэта ўсё?

— Усё…

— Чаму так мала напісана?

— Або я ведаю, ці што? Твой сын, як і мой.