Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Не чуваць яго каманды. За ўсім глядзіць жонка. Яна за гэты час парухавела і гаворыць з большай, чым раней, упэўненасцю. Нават твар яе змяніўся. У жоўтым кароткім кажушку яна мітусіцца па белым дзядзінцы ад гумна да хлявоў і ад хлявоў да гумна.

Стэфка запрыкмеціла, што гаспадыня абыходзіцца з ёю куды горш, чым раней.

«Як толькі гаспадар памрэ, зараз-жа паеду ў Мінск…»

Хутка забывалася аб такіх думках.

Хрусцеў снег пад нагамі. Сляпіў вочы ізумрудны глянц. Абшар, як вокам кінуць, да краю шэраватага лесу, белы, белы… Гэта надавала своеасаблівую вясёласць. Часта Стэфка хадзіла на рэчку. З горада канькі прывезлі. Слізгалася па люстраным лёдзе. Імчалася так, ажно ў ціхім надвор’і адчувала вецер на твары, горача станавілася. Брала з сабою і дзяцей. Прывыкла да іх, палюбіла…

Але вось…

У адзін міг усё змянілася.

Яна перастала спаць па начах. Кожны раз з нецярплівасцю чакала светлых ранішніх нітак у шчылінах акяніц. Тады ціха выходзіла адна на дзядзінец. Малатарня гула. Стэфка не хадзіла ў бок гумна, каб людзі не заўважылі. Брыла па сінім гладкім нечапаным снезе. Упершыню па ім гэтай зімою сляды пакідала. Вочы яе блукалі па абшары і нічога, апрача мутнаватай сіні, не бачылі. Яе позірк быў захаваны ўнутры. Нядаўна адбылося нешта жудаснае ў яе жыцці. Як ні старалася ўявіць гэта жыва ў сваім выабражэнні — не магла.

…Страшна.

Жудасная хвіліна расплывалася плямай, залівала яе памяць, нібы рану крывёю.

Ходзіць Стэфка адна па нечапаным снезе і холаду не адчувае. Хутка вяртаецца дамоў, каб гаспадыня не заўважыла яе збянтэжанасці.

«Ехаць у Мінск? Але матка, сястра… Сляпая матка па голасе пазнае, сястра — па вачах…»

У «салоне», як нікога няма, яна сцісне твар рукамі, заплюшчыць вочы і застыне.