Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ведае Стэфка, што ён памрэ, чула аб гэтым ад яо жонкі. Усе Дразды і Дзятлы кажуць тое самае. Стэфка глядзіць на хворага з жалем у вачах. Ён гэта заўважвае і пачынае мацней стагнаць...

- Можа падушку паправіць? Вам не кепска ляжаць? Ці лякарства падаць?

Яна не ведае, што трэба рабіць з чалавекам, які, можа, праз месяц-два будзе ляжаць у магіле...

"Ён, бедны, можа і не думае, што хутка памрэ.Нават дактары адмовіліся лячыць яго..."

Памагае хвораму сесці. Злямцаваная падушка робіцца ў яе руках пухкай і свежай. Хворы зноў кладзецца, пакорлівы, як дзіця. Яна асцярожна прыкрывае яго коўдрай. Хворы праз меру туліцца да яе, Стэфкі. Ад яе, маладой, здароўя набрацца хоча. Па-асабліваму, не так як заўсёды, блішчаць яго вочы. Спачатку Стэфцы непрыемна, а пасля страшна. Каб не пакрыўдзіць хворага, нібы не прыкмячае.

"... Трэба як найхутчэй выбрацца з яго пакоя..."

За ўвесь час толькі адзін раз з'ездзіла да сваіх у Мінск. Хворы даў ёй употайку ад жонкі трыццаць рублёў для бацькоў. Хаця не вельмі хацелася, але зоў сюды вярнулася. Маці прасіла. Гэтыя грошы былі вялікай дапамогай для сям'і.

Мяняліся дні.

На раніцу зямля цвярдзела, як чорствы хлеб. А калі замаразкі высмакталі вільгаць з глебы, яна зрабілася гулкай і зычнай. Кожны крок па зямлі быў стукам па пустой бочцы. Звінела глеба. Паветра лілося ў грудзі халодным пітвом. З роту плылі сіняватыя дымкі пары. А вось закружыўся над зямлёю снег. Спачатку ўдзень яго злізвала сонца, а потым ён прыкарэў да зямлі белай лускою на доўгі час. Намяло вялізныя гурбы. Вятры пачалі іх перакідваць з месца на месца, абдзьмухваць беражкі, прэсаваць і шліфаваць.

У сонечна-снежныя дні Стэфка выводзіла дзяцей на дзядзінец. Цёпла апранутыя, яны весела шумелі і зусім холада не баяліся. Цэлымі днямі гула ў таку малатарня. Мітусіліся людзі, і жыццё кіпела ў Курганішчы не менш, чым улетку. Адно толькі - сам гаспадар хворы.