Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тое-сёе ў гаспадарцы. Ды што я табе кажу, не ведаеш, ці што?

Мікола добра ведае свайго бацьку: у таго голас цяпер штучны, жаласлівы.

Праз кароткі час стары дадаў:

- Ты, праўда, ужо гарадскім стаў. Можа ты што параіш.

Некалькі разоў пацягнуў лейцы і чакаў адказу. Сын маўчаў. Тады ён падсунуў да сына заільдзянелую калматую бародку і запытаўся:

- Дык ты пішаш, што паступіў у комсамол, ці што?

Мікола зразумеў, што бацька пачынае глыбей закідаць вудачку.

"Навошта мне было старым аб гэтым пісаць?"

І сам сабе адказаў:

"Гэта я з вялікай радасці..."

3.

РАК

Прыехаў да Крушынскага "Леў Талстой". Урачыста ўвайшоў у хату, выставіў перад сабою сваю белую бараду, нібы сцяг міру. Але вочы яго блішчэлі зусім не на мірны лад. Строгія і чужыя.

Перад сваім непадзяваным "селькорам" Крушынскі гасцінна патупаўся, рыхтаваўся да цёплай гутаркі. Рот старога на гэты раз быў сціснуты, схаваны ў вусах і барадзе.

- Што там у вас у Гайдачанах? Якія навіны? - пытаўся Крушынскі.

- Эт! - махнуў рукою "Леў Талстой". - Тоісь, нічога не чуваць.

Крушынскі адчуў, што стары нешта зусім іншае хоча яму сказаць і слоў не знаходзіць.

"Відаць нешта для мяне непрыемнае", - падумаў Крушынскі. Настаражыўся. Цярпліва чакаў. Нарэшце стары загаварыў: