Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Два дні да паседжання ячэйкі Мікола пачаў хвалявацца.

"А можа будзе правал? Хлопцы вялікія майстры задаваць закавырыстыя запытанні..."

Уявіў сабе, як на гэтым сходзе ён зробіцца на некаторы час цэнтрам увагі. Сакратар ячэйкі - чарнявы хлопец, не паводле гадоў сур'ёзны, - прачытае спачатку яго, Міколы, заяву, кароткую біяграфію. Пасля гэтага ўтаропіць у яго вочы. Мікола добра ведае гэтыя шэрыя пранізваючыя вочы. Яшчэ, як яму заяву падаў, той зірнуў на Міколу пранікліва, доўга. Здаецца, самыя затоеныя думкі Міколы чытаў. Мікола не вытрымаў гэтага позірку і апусціў вочы. "Добра, - сказаў сакратар, - абгаворым тваю заяву на бюро, а там пабачым".

Бюро згадзілася.

І вось дайшло да агульнага адчыненага схода ячэйкі... Тут самае галоўнае... Як пачнуць прабіраць яго, разбіраць па костачках. Ён сам сябе тады пазнае. Таварышы растлумачаць, які ён сапраўды ёсць, хто ён і што ён. Трохі непрыемна будзе з непрывычкі, але затое карысна.

Пры дарозе мільганулі агеньчыкі сялянскіх хатак. Снег пасінеў. Хацелася ад непрытульнай дарогі накіраваць каня да хатак, да цёплага прытулку.

Пачнуць на сходзе пытацца:

- Чым ён дома займаўся?

- Што ён зрабіў для бядняцкай грамады на вёсцы?

- Хто яго бацькі?

- Колькі ў іх зямлі?

І яшчэ і яшчэ.

Мікола тады сам сабе пачаў даваць ацэнку:

"Вось грэблю паправіў - плюс. Хацеў у мінулым годзе ліквідаваць непісьменнасць у роднай вёсцы. Гаварыў з Саўкам на гэту тэму, але так і засталося - мінус".

Налічыў яшчэ некалькі плюсаў і мінусаў.

Вострым шклом разанула справа з судом яго бацькі. Аштрафавалі за кантрабанду на пяцьдзесят рублёў... Але-ж бацька не быў вінават...