Старонка:Biadula.Jazep Krusynski.2.djvu/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


Пацямнела.

Значна пасінеў абшар. Далі пачалі мутнець і злівацца з сінню. Снег ціха падае, кладзецца роўным пластком на спіну каня, на сані і кажухі Цыпрука і Міколы.

З нецярплівасцю Мікола чакаў паседжання ячэйкі, дзе павінна была разглядацца яго справа аб паступленні ў комсамол. Як падаў заяву, дык некалькі дзён хадзіў з "павышанай тэмпературай", як жартавалі таварышы. Нешта святочнае мільгала перад яго вачыма. Расла жвавасць, ахвота да вучобы, захацелася як найбольш займацца грамадскай працай. Ён пачаў адчуваць сябе адным з рупных удзельнікаў у перабудаванні жыцця. Ужо некалькі тыдняў перад падачай заявы ён працаваў у адной школе па ліквідацыі непісьменнасці, у якой вучыліся хатнія работніцы. Выкладаў там тры разы на тыдзень.

Спачатку было трохі няёмка. Некаторыя касавурыліся на яго, некаторыя хіхікалі. Закарузлымі ад чысткі бульбы, ад кухні пальцамі яны выводзілі буйныя нязграбныя літары. Лягчэй, чымся з чытаннем і пісаннем, было з "матэматыкай". Тут з дарослымі работніцамі ішло шпарчэй. Бадай усе яны былі з вёскі. Мікола адчуваў да іх асаблівую блізкасць. Пачаў уводзіць у сваю працу жывыя гутаркі, чытаў ім газеты, тлумачыў. Раіў ім, як трымацца, каб гаспадары іх не эксплаатавалі; раіў ім ісці на фабрыку працаваць.

- Нешта наш настаўнік больш жвавым зрабіўся, - чуў Мікола шэпт сярод дзяўчат.

- Заўважылі ў мяне перамену, - падумаў ён. - Заява ў ячэйку.

На ўсіх рабфакаўскіх сходах ён стараўся выступаць адным з першых.

"Няўжо-ж я стараюся спецыяльна для прыёму ў комсамол? - Не! Я так працаваў яшчэ раней. А можа? Я самога сябе яшчэ добра не ведаю..."

Аб чым ён ні думаў, што ні рабіў - гэту заяву кожны раз успамінаў. Яна не выходзіла з яго думак, як прыемная навіна.