Вясеньняя ноч. Непадалёк ад гасьцінца—хвойнік. Тры падарожныя зьбіраюць гальлё.
1-шы ПАДАРОЖНЫ (прыносячы галіну).
І пуста-ж, пуста ў гэтым лесе!
Нідзе галінкі не найсьці;
Вось тут абсохні і сагрэйся,
Найдзі дарогу ў бяспуцьці.
А помню, ўсё было іначай:
Папас тут меў ты, як папас;
Нічога воз гальля ня значыў,
Агонь ня зводзіўся, ня гас.
2-гі ПАДАРОЖНЫ (кідаючы сук).
Цьфу! Каб ты ўсё пайшло тут прахам!
Ну, і галоцяць людзі лес:
Па сук і то з вялікім страхам
На хвойку чуць я, чуць узьлез.
Яшчэ паўгода, год, і будзе
Бяз бліску вогнішча начлег;
Ня раз, ня два хтось блудам зблудзе
Усякай погані на сьмех.
3-ці ПАДАРОЖНЫ (кідаючы лазіну).
Вось вам дубец лазы лазою!
З карэньня выдзер як ё ўсю;
Змарыўся, змогся, чуць устою.
Каб толькі выкрасіць агню.
|