Старонка:Beznazounae.pdf/80

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Гэтак баба маяча:
— Што-дзень чуць валачуся,
Па мне «ваша» заплача—
З ног я ўперад звалюся.

— Ўперад я, мая міла,—
Дзед бабулі гавора:
— Немагота ў магілу
Мяне ўгоне ўжо скора.

— Мяне ўперад — кажу я!
— Вота-ж гэтак ня будзе!
— Вашаць хай пабядуе!
— А ты што?—ці ня людзі?..

І так далей і далей
Пашлі ў спрэчку самдзеле;
Той таму прытыкалі,
Ісьці ў прочкі хацелі.

Ажно стук нехта ў дзьверы.
— Хто там? — Тут ім на тое:
— Я—сьмерць; даўшы вам веры,
Ўзяць іду вас абое.

Дзед сваёй і ківае:
— Адчыні ідзі, баба!
— Не магу,—кажа тая,—
Вельмі чуюся слаба.