Старонка:Beznazounae.pdf/75

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

НАД КАЛЫСКАЙ

Калыхала маці сына
У калысцы у ліповай
І пяяла яму песьню
Вось як тутка, слова ў слова:

Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі і сьні вясёлкі-гулі,
Як-жа вырасьцеш вялікім,—
Не забудзься ты матулі.

Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі, злажыўшы ў крыж далонкі,
Як-жа вырасьцеш вялікім,—
Не забудзься ты старонкі.

Люлі, люлі, мой маленькі!
Сьпі, як кветка на прадвесьні,
Як-жа вырасьцеш вялікім,—
Не забудзься гэтай песьні.

Люлі, люлі, мой маленькі!
Набірайся моцы, сілы,
Як-жа вырасьцеш вялікім,—
Не забудзь маёй магілы.

Люлі, люлі, мой маленькі!..
...........
Сын павырас, на лес гледзя,
А ці помніць песьню маткі,—
Запытайся у суседзяў.