Старонка:Beznazounae.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

А капай мне дол глыбока,
Бо сьвет мне—горш нетраў;
Ад тваёй цяжэй зямлі тут
Гнець мяне паветра.
Проч з крапілам! і сьвятая
Яе капля спляме:
Я адзін тут маю права—
Пакраплю сьлязамі.

Здань-рука ка мне вылазе
З-пад манашых полаў,
Ясна-моцная такая!
Дух гняце мой кволы.
І мяне яна кранула!
Пахіліўся, ўпаў я…
І ўзялі мяне й панесьлі,
А куды—ня знаю.

Ах, за колькі капляў шчасьця
Плацяць людзі сьвету
Цэлым морам сьлёз!
Ой, дурны сьвет, і на што ты
Створаны ў цьму гэту?
Дзе твой скон? дзе ўзрос?
Яго рух,—
То-ж мой дух!