Старонка:Beznazounae.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ГОЛАД

Праз поле, праз хаты і сёлы,
Ў кароне з касьцей чалавечых,
Іду, разбуялы, вясёлы,
З хатомкай мярцьвячай на плечах.
Паклоны б‘е стар мне і молад
І дзетак рой босых і голых,—
Бо Голад я, Голад!

З прадсьмертных сьлязінаў і поту
Брыльлянты на мне мігацяцца,—
Абвёў іх з крыві пазалотай…
А з сілай маёю зраўняцца
Ня ў сілах ні сьпека, ні холад,
А шлях мой бяз рыцьваў і плоту,—
Бо Голад я, Голад!

Іду. Прада мной зазірае
Жывым сьмерць галодная ў вочы
І косе ў рад, не разьбірае—
Ў дні белыя, ў чорныя ночы.
Ці слаб хто, ці дужы, як волат—
Груган яго косьці зьбірае,—
Бо Голад я, Голад!