Старонка:Beznazounae.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ВАЯК.

Сеў ваяк на каня,
Ў рукі ўзяў востры меч
І пусьціўся да дня
Пашукаць, каго сеч.

Не малы ехаў час,—
Ня сустрэўся нідзе,
Аж напроці якраз
Вораг войска вядзе.

У яго старану
Гмін вядзе на грабеж;
Перайшлі баразну —
Пагранічны рубеж.

Схамянуўся ваяк,
Кроў зайграла ў грудзёх;
Сьціснуў меч у руках,
Конь памчаў з усіх ног.

Наляцеў, як пярун,
На разбойніцкі зброд;
Запусьціў меч-кладун,—
Сьцеражыся, народ!

Б‘е агонь з дзяцюка,
Косіць голавы з плеч,
Ня здрыгнецца рука,
Ня тупеецца меч.