Старонка:Beznazounae.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

3

Ой, была-ж бяседа, была,
Вельмі гучная бяседа! —
Не адходзіла ад стала
Плойма-чарада суседаў.

Як на рынак ці на кірмаш,
Ад нядзелі да нядзелі,
На каравай пшанічны наш
Машкарой ляцелі, елі.

А маковае малако,
Засалоджанае мёдам,
Пілі смагла, ажна цякло
Па губах іх мімаходам.

А закусвалі мёд і яду
Гаспадыньскай ласкай ўдзячнай,
Тут-жа дзьмуў дудар у дуду,
Каб было піць, есьці смачна.

Дый прышлося плаціць чарадзе
Тэй за гэта баляваньне,
Бо дарма такога нідзе
Ня бывае частаваньня.

Ой, пайшла расплата за доўг —
За яду й пітво адразу…
Задымеў, зацьміўся разлог,
Зварухнуў усю заразу.

Хто у рукі папаў — заплаціў,
Іншы ўцёк за многа міляў.
А найболей — кожны скруціў…
Так ня ўсе і заплацілі.