Старонка:Belaruskaya mova.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ў яго сваё роднае слова, тое слова, каторым прывык ён ад пялёнак гаварыць з таткаю і з маткаю, — вучыцель, а за ім і ўсе вучні падымаюць яго на смех.

А другі вучыцель яшчэ перадражніць, перакрывіць яго.

Бедны хлопчык спачатку нават не ведае, што ён злога зрабіў, што крывяць яго і смяюцца з яго.

І толькі потым ён, як пасмяюцца з яго разоў дзесяць, расшалопае прычыну смеху. Той, хто вучыў і гадаваў беларускіх дзяцей гэтак, то павінен зразумець, што смех вучыцеля ў такіх прыпадках падтрымаюць толькі старшыя вучні, тады, як маленькія не бачаць у гэтым нічога смешнага і маўчаць. Чаму?

А таму, што старшыя самі прайшлі гэту дарожку. Такім спосабам засяваецца нянавісць у душу будучага інтэлігента-беларуса к роднай мове, звычаю, парадкам. З народнай школы беларус ідзе далей. Скажам, паступіў у семінарыю. А там ўсё прынароўлена дзеля таго, каб не толькі забіць уканец у беларуса ўсё тое беларускае, што яшчэ асталося ў душы яго, але каб з яго зрабіць пакорную авечку, забіць мазгі, адным словам, выпусціць у свет балванчыка. І пасля семінарскай адукацыі беларус часам скажа няўмысля дзе-небудзь у кампаніі беларускае слова — яму ўжо брыдка. Твар з сораму чырванее да самых вушэй.

Не, галубочкі! Не беларуская мова рэжа вам вушы, скрабе душу, а рэжа вам вушы і скрабуць вашу душу тыя далёкія ўспамінання смеху над вамі, каторым сустрачалі ваша слова ў школе. За ўсе часы вашага вучэння выстаўлялі на смех беларускую мову, тапталі ў балота ўсё ваша роднае. Не сваімі вачамі глядзіце вы на беларуса, не сваімі вушамі прыслухваецеся вы да яго мовы. От чаму беларуская мова здаецца вам нехарошаю.

Што раз памёрла, тое больш не жыве. А што жыве, тое не памёрла.

Не называйце ж беларускай мовы «мёртваю моваю».

Як беларуса ні гналі, як яго ні душылі, як ні тапталі яго ў балота, усё ж такі ён захаваў сваю мову. І вы адбіраеце права ў беларуса чытаць кніжкі і газеты на роднай мове; і гэтае права адбіраюць тыя, хто быццам стаіць за свабоду народа!