Старонка:Belarusi.pdf/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДЗВЕ СЯСТРЫ

На тутэйшай зямлі
Дзве сястрыцы жылі,
Як забытыя ў лесе каліны;
Жыватворных крыніц
Не было для сястрыцы, —
Яны вялі і сохлі націнай.

Як надыйдзе вясна,
Ў чыстым полі адна
Аж да восені сілы губляла,
А сцюдзёнай зімой
У хаціне курной
Кужаль прала, снавала і ткала.

А другой з года ў год,
Выядаў, як той крот,
Дым фабрычны дзявочыя вочы;
А дзявочу красу,
Нібы тую расу,
Піў цагляны падвал цёмнай ночай.

Сярод гора і мук
З працы гнулася ў крук
Так адна, як ад ветру каліна,
Ды пяяла з нуды,
З непацешнай бяды:
Ах ты, доля—няволя жанчыны!