Старонка:Belarusi.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

АЛЕСЯ

Кукавала зязюля
У зялёным лесе,
Гадавала матуля
Дачушку Алесю.

Гаманіў бор сасновы
Ў вечары і ранкі,
Над калыскай ліповай
Пела калыханкі.

— Спі, засні, мая дзетка,
Птушкі ўжо заснулі!
Спі, засні, мая кветка,
Люлі, люлі, люлі!

— Спі, не ведай трывогі, —
Надыйдзе часінка, —
На свае устанеш ногі,
Мая ты дзяўчынка.

Будзеш кужаль ты прасці,
Будзеш ткаці кросны,
Выглядаці долі, шчасця
Ў маладыя вёсны.