Старонка:Belarusi.pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЯК У ГОСЦІ СЫН ПРЫЕХАЎ…

Як у госці сын прыехаў —
А да маці, а не з блізка, —
Яе шчасце, яе ўцеха,
Ад пялёнак, ад калыскі, —

Запрашала у святліцу,
За дубовы стол саджала…
Слёзы капалі расіцай,
Што сынок такі удалы.

Частавала белым сырам,
Хлебам сітным, мёдам пчолім,
Заклікала шчыра-шчыра
Не чурацца хлебам-соляй.

І цікавілася маці —
Сэрца матчына, вядома, —
Як на службе там дзіцяці,
Ці там лепей, ці мо‘ дома?

А суседкі каля вокнаў,
Як-бы ўбачылі праяву:
— Які чысты, які стройны,
Які з твару малажавы!