Старонка:Belarusi.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СТАРЫЯ АКОПЫ

Удоўж Дняпра ляглі яны — акопы,
Заросшыя травой акопы, бліндажы,
Дзе як-бы йшчэ смярдзіць людскою ропай,
Мінулых бітваў усплываюць міражы.

За рабаўласнікаў, за патрыярхаў,
За царадворцаў, за банкіраў, за цароў
Лілася кроў людзей, скаваных жахам,
Пад музыку гармат, званоў лілася кроў.

Закрыеш вочы і, здаецца, вочы
Перад сабою бачаць трупы-касцякі,
Здаецца, вушы чуюць, як скрыгочуць
Прадсмертным скрогатам ваякі, ланцугі.

Ой вы, мае акопы з бліндажамі!
Агідна робіцца на сэрцы і душы,
Што там — за пагранічнымі слупамі —
За войнаў будучых п‘юць подла барышы.

Што там яны — Сапегі, Радзівілы,
Разгром забыўшы ля дняпровых вод,
Свае ў Расіі свежыя магілы, —
Крычаць віваты за паход на Ўсход!