Старонка:BNT.Vosienskija i talocnyja piesni.djvu/67

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

15. А НА БАРУ ЦЕЦЯРУК ГАЛДЗІЦЬ

А на бару цецярук галдзіць[1],
А ён з бору ляцеці не хочыць:
А ў барочку ягадкі салодкі,
А ў крыніцы вадзіца сцюдзёна.
- А я ў бару ягадак наемся,
А ў крыніцы вадзіцы нап'юся.
А Тонечка ад мамкі йсці не хочыць:
- А мне ў мамкі вялікая нега,
А ў свякроўкі такое не будзець,
А раненька на ніўку пабудзіць,
А вышаўшы на людзі, абсудзіць:
"А санліва, драмліва нявестка,
А раннюю зораньку праспала,
Вячэрнюю зару прагуляла".

16. ДА Ў БАРУ ЦЯЦЕРКА САКОЧА

Да ў бару цяцерка сакоча,
Ой, божа мой, божа, сакоча[2],
Да яна ж з бору ляцеці не хоча:
І ў бару ягадкі салодкі,
Да ў бару вадзіца-крыніца,
да ў лузе калінка горкая,
Да ў лузе вадзіца мутная.
Да плача жа Марыська, плача,
Ад матулькі ехаці не хоча:
Да ў матулькі петухоў не чула,
А ў матулькі зарыцы не знала,
А ў матулькі вадзіца блізенька,
А ў матулькі вядзеркі лягенькі,
А ў матулькі парожкі нізенькі.
У свякрові петухоў пачула,
А ў свякрові зарыцу пазнала,
А ў свякрові вадзіца далёка,
А ў свякрові вядзёркі цяжкія,
А ў свякрові парожкі высокі.

  1. Кожны радок паўтараецца.
  2. Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка з апошнім яго словам.