Старонка:BNT.Vosienskija i talocnyja piesni.djvu/125

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

- Хоць сварыся, не сварыся,
Мяне ўжо не навучыш,
Каго я люблю, любіць я буду,
З тым мяне не разлучыш.
Вось пі, мамачка, гэта піва,
Што я ўсё накупіла,
Любі, мамачка, гэтага зяця,
Што я ўсё й палюбіла.
— Не буду піць гэтага піва,
Буду ўсё разліваці,
Не буду любіць гэтага зяця,
Буду ўсё праклінаці.
— Не разлівай, мамачка, гэтага піва,
Бо мне трэба плаціці,
Не праклінай, мамачка, гэтага зяця,
Бо мне трэба з ім жыці.

129. МАЕ ХМАРАЧКІ, МАЕ ЦЁМНЫЯ

Мае хмарачкі, мае цёмныя,
Разыйдзіцеся розна,
Да сварылася на мяне мама,
Што я гуляю позна.
— Хоць ты сварыся, хоць не сварыся,
Ты мяне не навучыш,
Каго я люблю, верна кахаю,
Ты мяне не разлучыш.
Да вары мама а тую ваду,
Што я нанасіла,
А любі, мама, да таго зяця,
Каго я палюбіла.
— Не буду варыць, не буду любіць,
А буду разлучаці.
— А не разлівай, мая мамачка,
Мне цяжанька насіці,
А не разлучай, мая мамачка,
Мне цяжанька забыці.