Старонка:BNT.Vosienskija i talocnyja piesni.djvu/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

126. ЙДЗЕЦЕ, ХМАРАЧКІ, ЎСЕ ДА КУПАЧКІ

Йдзеце, хмарачкі, ўсе да купачкі,
А веце, зорачкі, — розна,
Ой, не гамані, мая маценька,
Што я йду з жніва позна.

Ой, хоць гамані, хоць не гамані,
Ты мяне не адвучыш,
Каго любіла, верна кахала,
З тым мяне не разлучыш.

Каго любіла, верна кахала,
То таму не папала,
З каго кпілася, насміхалася,
З тым да шлюбаньку стала.

127. ІДУЦЬ ХМАРАЧКІ ЎСЕ ДА ПАРАЧКІ

Ідуць хмарачкі ўсе да парачкі,
Адна хмарачка — розна,
На мяне мамачка пасварылася,
Што я хаджу позна.
Да хоць сварыся, не сварыся,
Ты ж мяне не навучыш,
Каго жа я верненька люблю,
З тым мяне не разлучыш.
Не разлуча мяне ні свет, ні святок,
Разлуча жоўты пясок.
Не разлуча мяне ні свет, ні зара,
Разлуча мяне сыра зямля.

128. ДЫ ЎСЕ ХМАРАЧКІ ДА ГРАМАДАЧКІ

Ды ўсе хмарачкі да грамадачкі,
Адна хмарачка — розна,
Вось сварылася мая мамачка:
— Не хадзі, дачка, позна.