Старонка:BNT.Viasielle abrad.djvu/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


Ножкамі, астрожкамі,
Чорнымі чабатамі
З маладымі сватамі.

Каб я ведала блізкія заручынкі,
Паслала б я свайго татачку ў лог па каліну.
Татачка ідзець,
Калінкі не нясець,
Ветры не веюць,
Слонца не грэець,
Калінка не спеець.
Што мая за доля!

Мавіла бочачка,
У піўніцы стоячы:
— Калі мяне не вып’еце,
Сама выкачуся,
Па дварэ разліюся
Крыніцай сцюдзёнай вадзіцы.
Мавіла Агатка ў таткі седзячы:
— Калі мяне не выдасі,
Так я сама пайду,
Па дварэ памаленьку іду,
За варота угрунь пабягу.

Зыбнула мора, зыбнула,
Там наша Агатка ўтанула!
Прышоў к ёй татка:
— Падай ручку, Агатка.
— Не падам я ручкі:
Хоць я ў моры ўтану,
Няхай нікаму не застануся,
Застануся адному
Яначку мілому.

Сягодня заручынкі
Бог нам даў,
Праціў панядзелку
Бог нам даў.
Шлі дары на тры сталы:
Таму-сяму па падарку.
Нашаму Яначку
Тры падарачкі
Бог яму даў:
Адзін падарак — залаты персцень,
Другі падарак — шаўковая хустка,
Трэці падарак — красная Агатка.
Залаты персцень на мянянне,
Шаўковая хустка на ўціранне,
А красная Агатка на каханне.