Старонка:BNT.Viasielle abrad.djvu/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


кахае, нагледзецца, як «свавольнае каханне гуляе перад паважным шлюбам». Напрыклад, дружкі́, якія ўдзельнічаюць у бяседзе, ціхенька заводзяць сваіх каханак у істопку, дзе частуюць іх прывезенай з сабой гарэлкай, а часам і мёдам, даюць на закуску абаранкі ці пернікі, а на памяць і ў знак кахання — пярсцёнкі, пацеркі, стужкі, ладанкі і г. д. Забаўляючыся гэтак, усе п’юць многа гарэлкі і піва — таго і другога звычайна гатуюць шмат. Заможны гаспадар дзве ці тры варкі піва і гарэлкі зрасходуе за вяселле. Малады, патанцаваўшы адзін раз са сваёй нявестай, болей з ёю амаль не бачыцца, затое ўвесь час дагаджае яе родным і блізкім, асабліва пажылым жанчынам, якіх адну за адной запрашае на танец.

Толькі ў тры гадзіны падаецца вячэра, на якую ідуць тыя, якіх мы ў самым пачатку бачылі за сталом, астатнія ж частуюцца ў істопцы, у сенцах ці ў розных кутках хаты, часам нават прыпасамі, якія самі ж прынеслі з сабой, бо гаспадарам не вельмі лёгка накарміць некалькі дзесяткаў чалавек. Гаспадары больш клапоцяцца пра сваю радню: яна тут самая ганаровая, пра што заўсёды помніць, а часам, падпіўшы, пасміхаецца з іншых, асабліва бяднейшых гаспадароў (галетнікаў).

Пасля вячэры ўсе разыходзяцца па сваіх хатах, гаспадары ж ідуць адпачываць: да канца вяселля для гэтага яны няшмат знаходзяць часу. Яны заўсёды ў руху, увесь час заняты падрыхтоўкай да адпраўлення будучай жонкі, якая толькі і ведае, што ў акружэнні бальшанак і маладзіцы слухае прыгатаваныя да гэтага моманту песні, а калі яна па натуры жывая і вясёлая (што не часта здараецца), то і сама памагае спяваць.

Песні, якія спяваюцца ў час паміж змовінамі і вяселлем (паколькі ўжо няма ніякага сумнення, што ў дзяўчыны можа што-небудзь цяпер змяніцца), звычайна гавораць пра яе смутак, прычына якога ў тым, што не той будзе яе мужам, каго кахала, ці ў тым, што яна мусіць ужо развітацца з дзявочымі забавамі і ўцехамі. Вось дзве з вялікай колькасці такіх песень:

Да цераз мой двор,
Да цераз мой двор,
Да цяцера ляцела;
Да не даў мне бог,
Не судзіў мне бог,
За каго я хацела:
З кім стаяла,
Размаўляла
Да падарачкі брала;
З каго кпіла,
Смяялася,
Сама таму дасталася.