Старонка:BNT.Viasielle abrad.djvu/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


далучаецца да бальшанак. Усе тры, як месячыкі вакол свае планеты, кружацца каля нарачонай аж да канца ўрачыстасці. Запрошаная жанчына павінна быць замужам не больш аднаго-двух год, называюць яе маладзіца[1].

Тым часам памякчэлы ад просьбаў гаспадар згаджаецца ўвайсці ў хату. Ён першы адчыняе дзверы, за ім ідзе малады са сваёй дружынай, займаючы сваё месца. Толькі яны рассаджваюцца за сталом (першае месца на лаве, там, дзе кут, займае малады, а апошняе — бацька нарачонай), як жанчыны хутка падымаюцца з полу, падыходзяць да зэдля, што стаіць пры стале насупраць лавы з мужчынамі, і садзяцца на ім. Нарачоная сядзіць насупраць маладога, старшая бальшанка — насупраць свата, маладзіца — насупраць музыкі або малодшага дружка і г. д. Калі рассаджваюцца такім парадкам, маці, якая дагэтуль яшчэ не паказвалася, прыходзіць з істопкі і садзіцца на самы край зэдля (другі край яго заняла дачка), г. зн. насупраць мужа. Тут прыносяць з істопкі гарэлку, чарку і закуску (сыр або варанае ці смажанае мяса), ставяць перад гаспадыняй, якая, напаўняючы чарку, п’е да свата і, яшчэ раз яе напоўніўшы, накрывае белай хусткай (выцягнутай з-за пазухі ці з-пад пахі) і падае яму. Сват выпівае, зноў налівае і падносіць нарачонай, нарачоная падае старшаму дружку, гэтак жа, як і маці, накрыўшы каляровай хусткай, часцей за ўсё чырвонай. Дружка, прыняўшы чарку і схаваўшы ў кішэню хустку, п’е зноў да нарачонай, якая, прыняўшы поўную чарку і ледзь дакрануўшыся да яе губамі, яшчэ раз накрывае хусткай і падае малодшаму дружку, малодшы дружка п’е да маладзіцы, тая ж — да маладога, малады — да старшай бальшанкі, старшая бальшанка, п’ючы да музыкі, абвівае чарку поясам[2] работы маладой. Музыка, спаражніўшы прыняты келіх, налівае яго і зноў падае маладой, якая п’е да свата, сват — да яе бацькі, бацька — да маладога, і на ім абрадавая цырымонія заканчваецца. Пасля гэтага госці пачынаюць піць звычайным парадкам.

Калі ўсё гэта робіцца, маладзіца рассцілае на стале белую хустку, на якую нявеста і жаніх кладуць знятыя з пальцаў пярсцёнкі. Адразу пасля гэтага дзве бальшанкі з аднаго і два дружкі з другога боку бяруць хустку за ражкі, падымаюць вы-

  1. Маладзіца — гэта замужняя жанчына, але ў дадзеным выпадку азначае — асістэнтка (дружка) маладой.
  2. Гэты пояс больш за ўсё нагадвае шырокую, на два- на паўтара пальца тасьму, на ўснову якой бяруць белыя льняныя ніткі, а на ўток — каляровую пражу з воўны. Сярод самых розных колераў пераважае чырвоны. Такіх паясоў маладая на працягу вяселля раздае больш ста, таму дзяўчаты ўжо з дзевяці-дванаццаці гадоў пачынаюць ткаць паясы.