Старонка:BNT.Viasielle abrad.djvu/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


нарэшце — музыка[1], таксама з радні маладога. Іншая моладзь, што прыехала з гэтым вясельным поездам, не заўсёды абавязана садзіцца, асабліва калі не хапае месца. Яна становіцца ў рад збоку або на сярэдзіне хаты, стараючыся не тоўпіцца. Нягледзячы на вялікае зборышча людзей, тут доўгі час пануе найглыбейшае маўчанне: на ўсіх тварах пахмурная важнасць, вельмі падобная на гнеў, і ні ў кога з дружыны не ўбачыш на твары ні ўсмешкі, ні весялосці, усе, здаецца, пасварыліся адзін з адным. Адзін толькі сват (пра якога мы сказалі, што ён павінен быць чалавекам дасціпным і знаходлівым) загаварвае то да адных, то да другіх, найчасцей да жанчын, асабліва да незамужніх, усяляк жартуе з імі (каб быць смялейшым, ён выпіў ужо да прыезду), але нічога не дапамагае, усе маўчаць, апусціўшы ўніз вочы. Засмучаны, незадаволены сваёй наўдачай, сват гаворыць: «Што ж гэта? Дзе ж шаноўныя гаспадары? Можа, не чакалі гасцей?» І ў гэты ж момант, ускочыўшы з месца, выходзіць у сенцы, дзе, вядома, знаходзіць гаспадара хаты і гаворыць да яго: «Хвала ж богу, каго шукалі, таго спаткалі, просім, канечне, просім да хаты». — « Да не патрэбен я там, абыйдзецца без мяне». — «Але ж просім, просім, пане сваце»[2] і г. д. Пакуль вось так адзін аднекваецца, а другі дарэмна настойвае, выходзіць з хаты малады з усёй сваёй дружынай, і ўсе, як толькі могуць, налягаюць на гаспадара, каб увайшоў усё ж у хату. Чым настойлівей яго просяць, тым з большай рашучасцю ён адмаўляецца. У той час, калі мужчыны спрачаюцца гэтак, жанчыны, выбавіўшы з істопкі нарачоную, падводзяць яе разам з бальшанкамі да гасцей. Нарачоная, увайшоўшы, павінна кожнаму пакланіцца да каленяў. У гэтым ёй дапамагаюць бальшанкі, падтрымліваючы з абодвух бакоў пад пахі, калі яна нахіляецца. Пасля цырымоніі паклонаў нарачоная падыходзіць да адной з жанчын, што сядзяць на палу, і просіць па ўстаноўленай звычаем форме, каб яна згадзілася быць яе асістэнткай. Жанчына спачатку аднекваецца, але ўрэшце згаджаецца, устае з месца і

  1. Музыкай называцца не можа ніхто іншы, як толькі сваяк маладога, але вельмі часта здараецца, што ва ўсёй сям’і няма нікога, хто мог бы іграць на скрыпцы, дудцы, жалейцы або іншых інструментах, таму са скрыпкай, часцей за ўсё пазычанай, прыязджае музыка толькі па назве: калі пачынаюцца танцы, ён няўмела пацягне колькі разоў смыкам па струнах і аддае скрыпку таму, хто ўмее здабываць з яе гукі. Такім чынам, сам толькі носіць ганаровае званне музыкі, тады як іншы іграе ўвесь час, весяліць людзей — дарма, небарака, працуе. Колькі такіх музыкантаў на свеце!
  2. Сват, якога так усе называюць, гэтак жа ўзаемна заве і бацьку нявесты, з кім цяпер ён лічыцца ўжо ў пэўнай ступені сваяком, так што калі б выпала жаніць маладых людзей з аднаго і з другога дому, дык не асмеліліся б гэта рабіць без дазволу парафіяльнага свяшчэнніка, а дазвол такі атрымаць звычайна цяжка і каштуе ён дорага.