Старонка:BNT.Viasielle abrad.djvu/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


ВЯСЕЛЬНЫЯ АБРАДЫ ВЯСКОВАГА ЛЮДУ Ў МІНСКАЙ ГУБЕРНІ, БАРЫСАЎСКІМ ПАВЕЦЕ, ГАЕНСКАЙ ПАРАФІІ, НАЗІРАНЫЯ Ў 1800, 1801 І 1802 ГАДАХ, З НЕКАТОРЫМІ ПЕСНЯМІ І НОТАМІ

ЗАРУЧЫНЫ

Пра шлюбныя сувязі тут сяляне звычайна пачынаюць клапаціцца з першых дзён кастрычніка. У іншую пару да гэтага іх змушаюць хіба толькі пільная гаспадарчая патрэба ці якія-небудзь непрадбачаныя акалічнасці. Калі ў мужа і жонкі, якія пажаніліся «не ў пару», узнікнуць потым сямейныя нелады ці іншыя нечаканасці, гэта прыпісваюць адступленню ад агульнага звычаю. Лічыцца, што самы спрыяльны для шлюбу час — паміж пакровамі[1] і першай нядзеляй каляднага посту.

Якраз у гэту пару дзяўчаты, якія думаюць аб сваёй долі, бываюць асабліва рухавыя і неспакойныя: апрача таго, што яны больш старанна, чым у іншы час, уходжваюцца каля дому, мусяць асаблівую ўвагу звяртаць на чысціню і ахайнасць; асабліва яны стараюцца ў чацвер і суботу, дні, у якія звычайна прыязджае сват. Таму ў хаце, дзе чакаюць такога госця, дзяўчына на выданні старанна шаруе стол, лавы, паліцы, усё кухоннае начыненне, падмятае па некалькі разоў хату, на сябе ж адзяе танчэйшую, чым звычайна, і чыстую бялізну, белую спаднічку, такі ж фартушок, на галаву завязвае хустачку, з-пад якой звісае каса, заплеценая звычайна ружовай стужачкай. Усё гэта ўбранне, над якім так

  1. Ёсць у вуснах тутэйшых сялян песенька (або хутчэй невялічкая малітва), якую звычайна спяваюць дзяўчаты; у ёй выказваецца просьба да Пакрова, каб даў мужа:

    Святы Пакроў, Пакроў!
    Пакрыў зямлю і ваду,
    Пакрый мяне маладу і г. д.

    Зразумела, сяляне таму імкнуцца спраўляць вяселле ў гэты, а не ў іншы дазволены касцёлам час, што цяпер, калі ўсё сабрана ў полі, яны могуць больш багата і шчодра абставіць бяседны стол, спадзеючыся, што гэткае багацце будзе і ў доме маладых. У нас жа амаль усюды вераць, што як робіцца тады, калі мы спраўляем якую-небудзь урачыстасць, так будзе і далей у жыцці. Адсюль, відаць, ідзе і тое жаданне ашаламіць усіх на такіх урачыстасцях празмернай раскошай, якую мы назіраем асабліва ў багатых класаў і якую не можа сабе дазволіць земляроб, і перш за ўсё вясной, калі ён застаецца амаль што без хлеба.