Старонка:BNT.Viasielle abrad.djvu/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


пасярод храма. Гэта выклікае такі бессаромны рогат, такое варварства, якое, я думаю, не параўнаеш нават з блазенствам язычнікаў пры выкананні імі таінства Венеры. Да гулякі падбягаюць і падтрымліваюць яго, каб не паваліўся. Толькі пасля гэтага ён загадвае прынесці яму абрадавы хлеб.

Затым ён разгортвае кнігу і стэнтарскім голасам пяе якісьці Давыдаў гімн. Пасля гэтага хапае за чупрыну жаніха і звяртаецца да яго:

— Скажы мне, жаніх, брат, друг, ці можаш ты быць мужам гэтай маладой? Будзеш ці не біць яе калі-небудзь палкай? Пакінеш яе ці не, калі яна будзе хворая, караслівая, пакалечаная?

Жаніх клянецца тут усімі святымі выконваць як трэба абавязкі добрага мужа. Далей духоўнік звяртаецца да нявесты і гэтак сама пытаецца ў яе, ці зможа яна жыць з мужам (дзяўчаты ж выходзяць тут замуж ва ўзросце дзесяці-адзінаццаці год), ці будзе яна клапаціцца пра сям’ю, ці захоча яна быць, пры выпадку, верным спадарожнікам сляпому, кульгаваму, пакалечанаму мужу.

Яна дае станоўчы адказ.

Тады фламін надзяе на галовы жаніха і нявесты вянкі з галінак дрэў. Па акружнасці гэтых карон па-русінску напісаны словы: расціце і размнажайцеся.

Калі ён гэта робіць, усе запальваюць васковыя свечкі. Духоўніку падаецца чаша пеністага мёду, ён выпівае яго адным глытком за здароўе маладажонаў, яны таксама п’юць з такой жа хуткасцю і зноў падаюць чашу фламіну. Скінуўшы з галоў жаніха і нявесты вянкі і растаптаўшы іх нагамі, зноў наладжваюць карагоды. Тут ужо завадатарам выступае фламін, а ўсе доўгай чарадою ходзяць за ім.

Жанчыны рассыпаюць па храме зерне лубіну і лёну, прыгаворваючы:

— Хай жа багі нашы зробяць так, каб маладажоны ніколі не мелі нястачы.

Нарэшце, увесь гам канчаецца. Духоўніка адводзяць дадому. Госці праводзяць мужа і жонку.

У час гэтай весялосці многа п’юць.

Вытанчанай музыкі яны не ведаюць. На вяселлях і іншых святочных урачыстасцях яны часцей за ўсё скачуць пад рукаплясканні.